Размер шрифта
A- A+
Межбуквенное растояние
Цвет сайта
A A A A
Изоображения
Дополнительно

Архив новостей

24.02.2014

У ДУА "Сваткаўская сярэдняя школа імя М.Танка" 21.02.2014 года адбылося мерапрыемства, прысвечанае ўрачыстаму адкрыццю літаратурна-краязнаўчага музея, прысвечанага жыццю і творчасці славутага земляка, народнага паэта Беларусі М.Танка

Ёсць у сусвеце планета Зямля.

Ёсць на Зямлі той краіна  адна,

А ў той краіне — прыстанішча, дзе

Сэрца  званчэйшыя  песні  вядзе…

 

          Менавіта такія і многія іншыя трапныя і задушэўныя  словы народнага паэта Беларусі Максіма Танка гучалі  21 лютага 2014 года  ў ДУА “Сваткаўская сярэдняя школа імя Максіма Танка” з нагоды  незабыўнай  і доўгачаканай  падзеі ў гісторыі школы і, наогул,  усяго Мядзельскага раёну.

         У гэты дзень адбылося адкрыццё школьнага  літаратурна-краязнаўчага музея Максіма Танка.

Радзіма і паэзія – дзве невычэрпныя крыніцы, мацаваўшыя нашага славутага земляка.  Да апошніх дзён свайго жыцця паэт застаўся верны абранаму творчаму і чалавечаму крэда: пісаць ярка, эмацыянальна, по-філософску  глыбока, з тонкім лірычным настроем, з вялікай улюбленасцю у родны край, у сваіх сціплых і  працавітых землякоў.

Максім Танк - адно з самых яркіх  імёнаў у гісторыі  беларускай  літаратуры. Паэт‑бунтар, паэт‑патрыёт, паэт‑сатырык, паэт‑філосаф, паэт‑наватар… А «па жыцці» надзвычай сціплы чалавек, які не любіў гучных слоў і бляску пражэктараў…

Вось якраз у такім цеплым, простым  і душэўным строі прайшло мерапрыемства, у якім з зацікаўленасцю і задавальненнем прынялі ўдзел прадстаўнікі аддзела адукацыі, спорту і турызму Мядзельскага райвыканкама,  куратар  педаганічнага праекту “Дарога да Максіма Танка” з абласнога інстытуту развіцця адукацыі Таццяна Пятроўна Гуліцкая, член Саюза пісьменнікаў Беларусі малады паэт Рагнед Малахоўскі, дырэктар Мядзелькага музея народнай славы Святлана Анатольеўна Чарняўская, старшыня Сваткаўскага сельвыканкама Вера Уладзіміраўна Хацяновіч, сваячка Максіма Танка Зінаіда Мікалаеўна Асаевіч, прадстаўнікі раённай газеты “Нарачанская зара”, кіраўнікі суседніх устаноў адукацыі, настаўнікі і вучні Сваткаўскай сярэдняй школы імя Максіма Танка.

      У літаратурнай гасцёўні, дзе  ўсхвалявана  і чулліва  гаспадарыла дырэктар школы  Ганна  Кірылаўна  Тачыцкая, гучала мілагучная родная мова, на экране мяняліся маляўнічыя карціны роднай прыроды з ваколіц Пількаўшчыны, гучалі яскравыя беларускія песні ў выкананні народнага ансамбля “Натхненне”.

       А потым усе  накіраваліся  на  вясковы могільнік, дзе  сярод  ледзь бачных старадаўніх курганоў-могілак узвышаюцца два адметныя крыжы з чорнага граніту – месца, дзе пахаваны наш славуты зямляк Максім Танк разам з  жонкай, побач з маці,  бацькам і раднёй.  У звінячую цішыню неба ў хвіліны мітынгу “Рэквіем” вельмі шчыра і пранікнёна ўзняліся словы светлага смутку...

 

      І вось наступае  хвалюючае імгненне: начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Таццяна Генадзьеўна Ефімава і паэт Рагнед Малахоўскі пераразаюць чырвоную стужку каля увахода у музей.

Музей Максіма Танка адчынены і гатовы прымаць наведвальнікаў! А на культурнай карце Мядзельшчыны з’явілася яшчэ адна духоўная кропка – асяродак гісторыі, мастацкага і духоўнага развіцця падрастаючага пакалення.

Трэба  зазначыць, што музей мае 7 экспазіцый і выкананы яны на высокапрафесійным  узроўні. Вучні-экскурсаводы правялі для першых гасцей музея вельмі цікавую і змястоўную экскурсію.

Спадзяёмся, што  музей будзе пашыраць сваю экспазіцыю, мець цікаўных наведвальнікаў і што ніколі не зарасце сцежка да гэтай духоўнай крыніцы.

 

 

  Метадыст раеннага метадычнага кабінета

 Ларыса Віктараўна Севярын.

 

 

 

 

Разделы сайта