Размер шрифта
A- A+
Межбуквенное растояние
Цвет сайта
A A A A
Изоображения
Дополнительно

Вячаслаў Віктаравіч Лапцік

Вячаслаў Віктаравіч Лапцік,

    выпускнік 1970 года Нарацкай СШ №1

      Нарадзіўся  Вячаслаў Віктаравіч Лапцік 16 верасня 1952 года ў в. Сіманы Мядзельскага раёна Мінскай вобласці. Бацька Віктар Пятровіч родам таксама з Сіманаў, а маці Марыя Іванаўна – з Галубенек.

     Бацька быў рыбаком, як і многія аднавяскоўцы ў той час. Гэтай справе аддаў усё сваё жыццё: адпрацаваў у рыбгасе 50 гадоў. Быў брыгадзірам рыбакоў, затым – дабытчыкам-інжынерам, галоўным інжынерам. Маці працавала ў калгасе.

     Як бы цяжка ні прыходзілася ў жыцці, але час ішоў, падрасталі дзеці Лапцікаў. Вучыцца ў школу малы Слава пайшоў у вёску Чараўкі. Закончыў там 8 класаў, паколькі школа была васьмігадовая. Затым у 9-10-ыя класы пайшоў у Нарач. Вучыўся добра, заўсёды яго ставілі ў прыклад іншым. І гэта было гонарам для бацькоў.

     Марыў Вячаслаў стаць журналістам, пагэтаму, яшчэ будучы ў школе, многа пісаў, друкаваўся ў раённай газеце “Нарачанская зара”, рэдактарам якой з’яўляўся ў той час Міхаіл Трафімавіч Чарняўскі.

     У 1970 годзе Вячаслаў Лапцік заканчвае 10 клас Нарацкай сярэдняй школы № 1, уступныя іспыты здае на тры “5” і адну “4” і становіцца студэнтам факультэта журналістыкі БДУ імя Леніна. Вучыцца там з 1970 па 1975 год. З 1988 года завочна вучыцца ў аспірантуры інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН БССР па спецыяльнасці тэатразнаўства.

     З 1975 года працуе карэспандэнтам у газеце “Чырвоная змена”, рэдактарам Галоўнай рэдакцыі літаратурна-драматычных праграм Беларускага тэлебачання, з 1984 года па 1988 год – рэдактарам рэпертуарна-рэдакцыйнай калегіі Міністэрства культуры БССР, з кастрычніка 1988 года – загадчык аддзела культуры газеты “Літаратура і мастацтва”. У свой час займае пасаду галоўнага рэдактара газеты “Дзеці і мы” (“Сям’я”), “Свабодныя прафсаюзы”, намесніка галоўнага рэдактара часопіса “Родная прырода”. Зараз Вячаслаў Лапцік з’яўляецца намеснікам галоўнага рэдактара часопіса “Промышленная безопасность”.

     З 1967 года пачалі з’яўляцца артыкулы і нарысы ў газеце “Нарачанская зара”, пасля з аповесцямі, апавяданнямі, эсэ і нарысамі выступаў на старонках штотыднёвіка “Літаратура і мастацтва”, часопісаў “Бярозка” і “Родная прырода”, “Нёман”, “Полымя” і “Маладосць”.

     У 1987 годзе ў калектыўным зборніку апавяданняў маладых аўтараў “Першыя сцежкі” ўпершыню было надрукавана апавяданне “Рыбак”, затым у зборніку “Сучаснік – 88” – апавяданне “Шчымлівая спадчына”, у 1985 годзе ў штотыднёвіку “Літаратура і мастацтва” – апавяданне “У дарозе”, пазней – палемічныя нататкі “Небяспечны сіндром”, у часопісе “Полымя” – артыкулы  “Плямы на жамчужыне”, “Хвалі гавораць пра легенды”.

     Выдадзены зборнікі кніг “Мой сум, Нарочча…”, “Паядынак у ціхай затоцы”, “Ранішняя дарога”.

     Вячаслаў Лапцік вядомы не толькі як празаік, публіцыст і літаратурны крытык, але і як драматург. Ён напісаў шэсць п’ес, тры з якіх ішлі на тэатральных падмостках: камедыя “Гапон і Кацярына” (Брэсцкі драматычны тэатр), драма “Пакінутыя” (Гомельскі абласны драматычны тэатр), сучасная драма “Аўчары” (Мінскі абласны драматычны тэатр).

     Кніга нарысаў “Мой сум, Нарочча…”, зборнік апавяданняў “Паядынак у ціхай затоцы”, публіцыстычныя артыкулы “Загадкі Нарачы” ў часопісе “Промышленная безопасность” – з усяго гэтага бачна, што аўтар – чалавек, адданы сваёй зямлі, сваёй Бацькаўшчыне, які клапоціцца і перажывае пра лёс людзей, пра прыгажосць і чысціню роднага краю.

 

Разделы сайта