Размер шрифта
A- A+
Межбуквенное растояние
Цвет сайта
A A A A
Изоображения
Дополнительно

Гартаючы жыцця старонкі

     Нарадзіўся М. Танк у вёсцы Пількаўшчына Мядзельскага раёна Мінскай вобласці 17 верасня 1912 года. «Малому хлапцу ўсміхаліся «зоры-зорныя», а Нарач баяла казку-быль аб цяжкай долі. Не адзін раз бачыў ён, як сонца дагарае ў сіняй пасцелі калоссяў і ноч, змарыўшыся, спачывае на межах, «зоры ў косы ўплятае і цешыцца». Гэтыя малюнкі ўбірала ў сябе маладая душа Танка, ажно пакуль еўрапейская вайна не выкінула яго з бацькамі з родных межаў» (Р. Шырма).

    Бацьку М. Танка, Івана Фёдаравіча, падчас Першай сусветнай вайны прызвалі ў войска. Служыў ён салдатам спачатку ў чыгуначным батальёне, а потым у вайсковай шавецкай майстэрні ў Маскве. Калі давялося пакідаць родныя мясціны ў сувязі з набліжэннем фронту, маці будучага паэта, Домна Іванаўна, ахінула сына «ў тоўстую хатнюю хустку; закінула на плечы торбу сухароў, чайнік і прылучылася да абозу бежанцаў». Прытулак знайшла ў Маскве, зарабляла на жыццё службай у багатых сем’ях, затым працай на фабрыцы. У Маскве М. Танк пайшоў у школу. Авалодваючы граматай, ён адчуў асаблівую цягу да паэзіі не толькі чытаў, але і перапісваў у асобныя сшыткі вершы Пушкіна і Лермантава.

     Заканчэнне грамадзянскай вайны і голад, які ахапіў вялікія абшары Расіі, настальгія па роднай зямлі вымусілі бежанцаў-беларусаў шукаць дарог на Бацькаўшчыну. Восенню 1922 года сям’я Скурко вяртаецца ў родную Пількаўшчыну, якая к гэтаму часу па несправядлівым Рыжскім мірным дагаворы адышла да Польшчы. На наступны год Жэня пайшоў у пачатковую школу, дзе навучанне вялося па-польску. Потым паступіў у Вілейскую рускую прыватную гімназію, якую неўзабаве польскія ўлады закрылі.

    М. Танк перавёўся ў Радашковіцкую беларускую гімназію. Гады навучання ў ёй цікавая старонка ў жыццёвым і творчым лёсе паэта. Тут ён уступіў у падпольную камсамольскую арганізацыю, уключыўся ў актыўную рэвалюцыйную дзейнасць, што стала падставай для выключэння яго з гімназіі. Пазней паэт успамінаў: «У Радашковічах я сустрэўся з новай, цікавай для мяне з’явай: амаль усе з маіх сяброў пісалі вершы. Праўда, яшчэ да прыезду ў Радашковічы і я спрабаваў займацца гэтай справай. Першым маім творам была зарыфмаваная легенда аб Шкленікаўскім возеры, якую чуў я ад старых, калі яшчэ вучыўся ў польскай пачатковай школе, ды яшчэ, здаецца, некалькідробных пейзажных вершаў. Але тут пад уплывам сваіх таварышаў, а галоўнае, пасля таго як прачытаў творы савецкіх беларускіх пісьменнікаў, я больш горача і настойліва ўзяўся за гэту работу, якая спачатку здавалася мне надзвычай лёгкай, а потым такой складанай і цяжкай, што я шмат разоў кідаў яе, зноў браўся і зноў адступаў, каб праз некаторы час, праз гады няўдач і паражэнняў яна мяне захапіла на ўсё жыццё».

     Прага атрымаць адукацыю прывяла М. Танка ў Віленскую беларускую гімназію, з якой таксама ён быў выключаны як вальнадумец. На шчасце, удалося ўладкавацца ў Віленскую рускую гімназію.

     У выпускным класе гэтай гімназіі М. Танк разам са сваім школьным сябрам Я. Гарохам пачалі выдаваць рэвалюцыйны часопіс «Пралом». Яго вокладка была ўпрыгожана сімвалічным малюнкам пралому ў турэмнай сцяне, праз які ў камеру прабіваліся прамяні сонца. У гэтым часопісе Яўген змясціў свае першыя вершы. Адзін з экзэмпляраў часопіса трапіў у Мінск, з яго творы паэта былі ўзяты для «Хрэстаматыі заходнебеларускай літаратуры». Імя М. Танка набывала вядомасць і ў Савецкай Беларусі.

     А ў жыцці яму зноў не пашанцавала: за ўдзел у рэвалюцыйнай дзейнасці ў сакавіку 1932 года пачынаючага паэта арыштавалі і пасадзілі ў віленскую турму. Скончыць гімназію так і не ўдалося. Калі паэт-рэвалюцыянер выйшаў на волю, экзамены закончыліся. Веды давялося набываць у турмах і на шляхах рэвалюцыйнага змагання.

 

      “Этапы і краты”

У пачатку 30-х гадоў М. Танк актыўна ўключыўся ў падпольную дзейнасць: працаваў інструктарам ЦК камсамола Заходняй Беларусі, вёўрэвалюцыйную работу на Віленшчыне і Навагрудчыне. Шмат разоў яго арыштоўвалі і прыгаворвалі да розныхтэрмінаў турэмнага зняволення. Пазней М. Танк успамінаў, што аднойчы пасля чарговага вяртання ў Лукішкі наглядчык сустрэў яго як знаёмага і з’едліва спытаў:«А-а-а!.. Зноў вярнуўся стары госць. Ну, ці доўга быў наволі?» «Больш як вы!» адказаў я. I сапраўды, я хоць пару месяцаў пабыў на волі, а ён амаль бязвыхадна жыўу турме. Толькі адна была розніца: я на адным бакудзвярэй, а ён на другім. Ходзіць ды бразгае ключамі»,– зазначыў былы палітычны вязень. Знаходзячыся ў Лукішскай турме, М. Танк паклаў пачатак выданню рукапіснага часопіса «Краты». У артыкуле «Старонкі з успамінаў» паэт успамінае, што пасляяго выхаду з турмы «рэдактарамі былі П. Пестрак, В. Таўлай і іншыя пісьменнікі і паэты, якіх больш было тады ў турмах, чым на волі. Многія вершы, змешчаныя ў «Кратах», захаваліся таму, што зняволеныя іх чыталі, завучвалі на памяць і выносілі на волю. Часта і сам аўтар, забыўшы свае вершы, аднаўляў і запісваў іх па памяці сваіх сяброў».

     У другой палове 30-х гадоў М. Танк, стаўшы членам Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі, супрацоўнічаў у легальных выданнях, дзе праводзіў ідэі антыфашысцкага Народнага фронту. Ён выступаў у друку з вершамі і літаратурна-публіцыстычнымі артыкуламі, у якіх развіваў ідэю кансалідацыі рэвалюцыйных сіл краіны ў барацьбе за шчасце і волю. У гэты час выйшлі зборнікі паэта «На этапах» (1936), «Журавінавы цвет» (1937), паэма «Нарач» (1937), «Пад мачтай» (1938). Яны сталі выдатнай з’явай у заходнебеларускай літаратуры і атрымалі высокую ацэнку не толькі ў беларускай, але і ў прагрэсіўнай польскай крытыцы. Па-свойму аднесліся да твораў М. Танка польскія ўлады. Кнігі «На этапах» і «Нарач» былі канфіскаваны. За зборнік «На этапах» М. Танк атрымаў 6 месяцаў турэмнага зняволення. Астрожныя этапы гартавалі вершы маладога паэта.

     У гісторыю нашай нацыянальнай паэзіі М. Танк упісаў унікальную старонку: працяглы перыяд яго творчасці звязаны з мужнай і гераічнай барацьбой заходнебеларускага народа. Нацыянальны вызваленчы рух жывіў яго паэтычную творчасць. Сам паэт быў яго непасрэдным удзельнікам. У «Лістках календара» М. Танк занатаваў: «Аловак адабралі пішу скупым промнем сонца, што прабіўся праз краты; паперы няма пішу на стаптаным паліцэйскімі ботамі, акрываўленым лісце сваёй памяці...» Так у метафарычнай форме выказаў М. Танк суровасць тых умоў, у якіх яму даводзілася займацца творчай працай.

     Мастацкі талент паэта развіваўся на трывалай нацыянальнай глебе. Яго жывілі родная нарачанская зямля, бацькоўскі кут на гэтай зямлі: «Пількаўшчына! Здаецца, нічога там прывабнага няма. Балоты, пералескі, буі, грэблі, валуны ды крушні... Але ўсё гэта для мяне з’яўляецца такім блізкім,   ад чаго,  як ад лёсу,  нельга  ўцячы,  каб і хацеў»,   прызнаваўся

М. Танк. Бо там, у сялянскай хаціне, бацькі і вяскоўцы праз песні, казкі і паданні падключылі будучага паэта да гісторыі роднага краю, свайго народа.

     Важную ролю ў творчым жыцці М. Танка адыграла багатая на культурныя і духоўныя скарбы Вільня. Тут паэт вучыўся, працаваў у многіх літаратурных выданнях, тут адбылося яго асабістае знаёмства з многімі выдатнымі постацямі таго часу: з пісьменнікамі, мастакамі, кампазітарамі, грамадскімі дзеячамі. З выключнай пяшчотай пісаў М. Танк пра Вільню ў аднайменным вершы, называючы яе «родным горадам». «Пакінуць Вільню пакінуць пісаць», занатаваў у дзённіку М. Танк.

     З творамі рускай літаратуры М. Танк пазнаёміўся ў раннім дзяцінстве, калі вучыўся яшчэ ў Маскве. Вывучаў ён яе, калі быў вучнем рускамоўных гімназій, рускіх паэтаў многа чытаў самастойна. Меў шырокі доступ М. Танк да польскай літаратуры, быў знаёмы асабіста з многімі польскімі літаратарамі. Досыць рана праз польскія пераклады да М. Танка прыйшлі сусветна вядомыя пісьменнікі Поль Элюар, Гіём Апалінэр, Кнут Гамсун і інш.

М. Танк, ідучы ў літаратуру, абапіраўся на творчы вопыт Я. Купалы, Я. Коласа, М. Багдановіча. Яму як паэту, які імкнуўся ва ўмовах Заходняй Беларусі абудзіць чалавечую і нацыянальную годнасць беларусаў, асабліва быў блізкі адраджэнскі аптымізм іх творчасці, яе народнасць.

     Добрае веданне вуснай народнай паэзіі свайго народа, творчая вучоба ў класікаў нацыянальнай літаратуры і літаратур суседніх народаў, знаёмства з еўрапейскай культурай спрыялі фарміраванню М. Танка як адметнай творчай індывідуальнасці ўжо на пачатку яго творчай дзейнасці. У яго давераснёўскай творчасці ярка выявіўся лёс і духоўны свет працоўных Заходняй Беларусі. Пра гэта сведчаць такія яго вершы, як «Песня кулікоў», «На пероне», «Паслухайце, вясна ідзе...».

     Уз’яднанне беларускага народа ў адной дзяржаве прыпала якраз на 17 верасня, дзень нараджэння паэта. Гэты дзень ён прывітаў вершам “Здарова, таварышы!” Нейкі час Яўгеній Скурко працаваў у вілейскай абласной «Сялянскай  газеце».  У 1940 годзе ў  Мінску выйшлі  «Выбраныя  творы» М. Танка, радасна сустрэтыя літаратурнай грамадскасцю. У тым жа годзе ў Маскве ўбачылі свет «Стихотворения» паэта. Здавалася, трывожныя зоры над яго лёсам назаўжды пагаслі. Аднак залпы Другой сусветнай вайны, што пачалася для заходнебеларускага насельніцтва яшчэ 1 верасня 1939 года, 22 чэрвеня 1941 годадакаціліся і да СССР...

      На пачатку Вялікай Айчыннай вайны паэт эвакуіраваўся ў Саратаў, там уступіў у народнае апалчэнне. Затым яго накіравалі на Бранскі фронт, у газету «За Савецкую Беларусь». Адначасова працаваў у рэдакцыі газеты-плаката «Раздавім фашысцкую гадзіну», пісаў патрыятычныя творы вершы, паэму «Янук Сяліба». Паэма выйшла асобным выданнем у 1943 годзе. Вершы ваеннага часу ў пераможным 1945 годзе склалі дзве кнігі «Вастрыце зброю» і «Праз вогненны небасхіл».

        “Максім Танк у пасляваенны час”

Пасля вайны М. Танк актыўна спалучаў творчую працу з журналісцкай і грамадскай. Працаваў спачатку ў часопісе «Вожык», потым галоўным рэдактарам часопіса «Полымя» (19481967). Затым на працягу 23 гадоў узначальваў Саюз пісьменнікаў Беларусі. Адначасова выбіраўся сакратаром Праўлення Саюза пісьменнікаў СССР. Нямала часу ў яго забірала дзейнасць дэпутата Вярхоўнага Савета БССР і СССР, старшыні Вярхоўнага Савета БССР (19631971). За сваю сапраўды тытанічную грамадскую і плённую літаратурную працу ён атрымаў званні народнага паэта Беларусі (1968), акадэміка Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі (1972), Героя Сацыялістычнай Працы (1974), ганаровага грамадзяніна Мінска (1987).

Што да самой творчасці, то менавіта ў пасляваенны час М. Танк дасягнуў найбольшых поспехаў і славы. Прыкладна кожныя тры гады ён выдаваў новы зборнік вершаў. Збыліся прарочыя словы Р. Шырмы: паэт увайшоў у славутаесузор’е Купалы Коласа. Пясняр Нарачы стаў не толькі самым значным беларускім паэтам другой паловы XX стагоддзя, але і адным з буйных еўрапейскіх творцаў увогуле.

     Чалавек, моцны воляй, можа перажыць удары і расчараванні лёсу. Але нічога не зробіш супраць растанняў. А іх было нямала. Паэт расставаўся з найдаражэйшымі людзьмі, сябрамі і блізкімі. Вельмі цяжка перажываў ён смерць сваёй жонкі. Яўген Іванавіч і Любоў Андрэеўна нарадзіліся  ў адзін год  (1912) і ў адным годзе і памерлі  (1995). Паэт перажыў сваю жонку крыху больш як на чатыры месяцы. Пахавалі іх у адной труне на радзіме паэта побач з яго бацькамі.

 

     Максім Танк пакінуў не толькі вялікую літаратурную спадчыну, але і свае жыццёвыя ўрокі. Урокі мудрасці і дабрыні, прастаты і сціпласці. Урокі вернасці Беларусі, якую бязмежна-горача любіў, вернасці і ўдзячнасці сваім бацькам і дзядам.

 

Разделы сайта