Памер шрыфту
A- A+
Iнтэрвал памiж лiтарамі
Каляровая схема
A A A A
Дадаткова

Галина Францевна Бальчевская

Ёй  ганарыцца Будслаўская сярэдняя школа

 імя Паўліны Мядзёлкі

                                    

Святло таленту.

 

   “Жыццё – тэатр”, – казаў штосьці падобнае Вільям Шэкспір. Дазвольце перайначыць думку класіка англійскага Адраджэння: “Тэатр – жыццё”. Прынамсі так склалася для Галіны Францаўны Бальчэўскай – заслужанай артысткі Рэспублікі Беларусь.

    Да гэтага звання і да мары – працы ў тэатры – дзяўчына з Мядзельшчыны прайшла цяжкі шлях. У кожнага сваё наканаванне: свае горыч і радасць, свае выпрабаванні і слава. Жыццё не песціла Галіну Францаўну з самага пачатку: цяжкае дзяцінства выпала на пасляваенныя гады, ранняе сіротцтва, дзіцячы дом. Рана спазнала цяжкую фізічную працу на Мінскім мотавелазаводе, ад якой кволыя дзявочыя рукі пакрываліся мазалямі. Такія жыццёвыя абставіны абумовілі ранняе сталенне, якое праламлялася праз глыбокую сур’ёзнасць і абвостранае пачуццё адказнасці. Так бывае, што менавіта ў такіх умовах загартоўваецца характар, неабходны для дасягнення мары. А яна была. Стаць актрысай, праявіць свае творчыя здольнасці – гэта мроілася дзяўчыне на працягу свайго свядомага жыцця: і ў будні, калі даводзілася нястомна працаваць, і ў святы, калі здаралася вольная хвілінка; і на світанні, калі сонейка толькі ўзыходзіла  і абуджала наваколле, і ўвечары, калі стомленая прырода ішла спачываць. І нават у сны завітвала гэтая мара, якой суджана было стаць рэчаіснасцю.

     Пасля вучобы ў Беларускім дзяржаўным тэатральна-мастацкім інстытуце Галіна Францаўна патрапіла на працу ў Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа ў Віцебску. Пазней Галіна Францаўна Бальчэўская ўвайшла у трупу Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы.

   Прафесіянал пазнаецца, сярод іншага, па такой прыкмеце: ён самазабыўна любіць тое, што робіць. Галіна Францаўна любіла. Яна нават не іграла, а жыла тымі вобразамі, якія давялося прымерыць падчас станаўлення тэатральнай кар’еры. А большасць роляў былі характэрнымі. Бальчэўскай не трэба было ўжывацца ў ролю простай вясковай дзяўчыны Лізы Брычкінай з аповесці Б. Васільева “А зори здесь тихие…”. Яна такой і была: смелай, мужнай, самастойнай, зведаўшы з дзяцінства смак цяжкога жыцця. Хапала ў актрысы жаночай мудрасці і разважлівасці, што ўласцівы купалаўскай Агаце. Не склала цяжкасці праўдападобна перадаць вобраз прынцыповай і чэснай Надзі з “Трыбунала” А. Макаёнка.

   Галіна Францаўна Бальчэўская – несумненна, слава Мядзельшчыны і Будслаўскай зямлі, якая шчодра дарыла свету выдатных прадстаўнікоў культуры і навукі. Паўліна Вінцэнтаўна Мядзёлка і Галіна Францаўна Бальчэўская. Яны былі знаёмы  і нават сябравалі, наколькі гэта было магчыма па прычыне розніцы ва ўзросце. Агульнага было дастаткова: маленькая радзіма, талент, прызванне. На момант узыходжання зоркі Бальчэўскай Мядзёлка была сталым чалавекам, за плячыма якога быў унікальны жыццёвы досвед, прызнанне грамадскасцю і самотны асабісты лёс. У некаторай ступені яна стала для Бальчэўскай настаўнікам у прафесійным плане, прыкладам самаадданасці ў мастацтве, узорам маральнасці і высакароднасці ў жыцці.

   Шчырае сяброўства з заслужаным дзеячам культуры БССР П.В. Мядзёлкай – не адзіны прыклад знаёмства Бальчэўскай з вядомымі людзьмі Беларусі – гонарам нацыі. Мала хто ведае, але Бальчэўская была знаёма і сябравала з Уладзімірам Сямёнавічам Караткевічам.  На ўспамін аб блізкім знаёмстве У. Караткевіч пакінуў аўтограф на адной з кніг, падараваных Галіне Францаўне. Там знойдзем надпіс, зроблены цалкам у стылі Уладзіміра Сямёнавіча: “Галінцы-вярбінцы, панне з Будслаўскага Палесся”. Гісторыя гэтага знаёмства-сяброўства, падаецца, засталася назаўсёды недапісанай. І тут хапае месца для пошуку-роздуму адказаў на пытанне: “А што,  калі б…?”

   

   Так накавана законамі сусвету, што жыццё вялікіх талентаў не заўсёды шчаслівае, калі і шчаслівае, то не да канца. Як быццам плата за адоранасць. Рана пайшоў з жыцця У.С. Караткевіч, рана абарвалося жыцце і Галіны Францаўны.

    Апошнім спектаклем Галіны Францаўны Бальчэўскай стаў монаспектакль пад назвай “Дагарэла свечачка”. Сімвалічным было і тое, што з гэтай пастаноўкай Галіна Францаўна прыехала і на сваю маленькую радзіму, нібы развітвалася. Што ж, свечачка – жыццё – Галіны Францаўны згасла вельмі рана. Але святло, якое выпраменьвалі асоба і творчасць Бальчэўскай сагравае і зараз блізкіх, сяброў і аматараў таленту гэтага прыгожага чалавека.

 

 

 

Дземідовіч Яніна Вацлаваўна, настаўнік беларускай мовы і літаратуры

 

 

Раздзелы сайта