Размер шрифта
A- A+
Межбуквенное растояние
Цвет сайта
A A A A
Изоображения
Дополнительно

Архив новостей

09.04.2015

"На дарозе дробязей не бывае"

    НА базе Занарацкага сельскага Дома культуры прайшоў раённы этап ХІ абласных гульняў сярод каманд вясёлых і знаходлівых Юных інспектараў дарожнага руху «На дарозе дробязей не бывае!». Памерацца сіламі прыехалі каманды «3D» (Нарацкая СШ №1), «Паварот не туды» (Свірская СШ), «Купа tyt.by» (Нарацкая СШ №2) і гаспадары — вучні Занарацкай школы, якія аб’ядналіся ў каманду «Нас не дагоняць!».

      Перш, чым распачаліся на сцэне баталіі, вядучая, а гэту ролю выдатна выканала вучаніца 10 класа Занарацкай школы Лізавета Купрэева, прадставіла журы. У яго склад увайшлі загадчыца раённага метадычнага кабінета аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Іна Навумчык, метадыст гэтага ж кабінета Ларыса Севярын, выконваючая абавязкі дырэктара Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі раёна Ядвіга Чарняўская і вядучы спецыяліст аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Ніна Самко.

      Вядучая адзначыла, што ў атмасферы весялосці і жартаў усе сабраліся для таго, каб пагаварыць на такую сур’ёзную тэму як захаванне ПДР! Мэтай  сустрэчы якраз і з’яўляецца прапаганда бяспечнага ладу жыцця сярод дзяцей і юнакоў, прыцягненне шырокага кола школьнікаў да работы, накіраванай на папярэджанне дзіцячага дарожна-транспартнага траўматызму.Пасля жараб’ёўкі распачынаецца гульня. Першы конкурс — візітная картка, які называецца «Нам з ДАІ па шляху». Адразу на сцэну выйшла каманда Занарацкай школы. Затым, згодна з жараб’ёўкай, свае таленты дэманстравалі вучні з аграгарадка Нарач, гарадскога пасёлка Свір і курортнага пасёлка Нарач. Удалым аказаўся старт для каманды «Купа tyt.by» (Нарацкая СШ №2) — па выніках першага задання яна атрымала найбольш балаў.

      Наступны конкурс — «Увага! Тармазі заўчасна!». Тут камандам належала прадставіць сваю песню (уласны тэкст на любую вядомую мелодыю) і танцавальную кампазіцыю па тэме правілаў дарожнага руху. Прычым песні неабходна было выконваць, як кажуць, у жывую. Найвышэйшую ацэнку атрымалі каманды «Паварот не туды» і «Купа tyt.by».

      А ў наступным конкурсе, які называўся «Прышпіліся!», агучвалася любая цікавая, вясёлая і карысная інфармацыя, якая папулярызуе рамяні бяспекі і дзіцячыя ўтрымліваючыя прыстасаванні. Інфармацыю належала падаваць у выглядзе песні, сцэнкі, казкі, верша  і інш. Галоўнае, каб было прыгожа і цікава. І тут найлепш пастараліся вучні з Нарацкай сярэдняй школы №2.

      Нарэшце фінальны акорд — музычнае хатняе заданне «За намі будучае!», якое прысвячалася Году моладзі. Каманды прадстаўлялі музычныя гумарыстычныя нумары, якія адпавядалі тэме выхавання маладога пакалення. Эмоцый тут таксама хапала, ды і за пяць мінут выступлення на сцэне, згодна з рэгламентам, шмат чаго можна было паказаць. Што і пастараліся зрабіць каманды. Атрымалася ў іх гэта па-рознаму…

      Безумоўна, падобныя гульні заўсёды напоўнены жартамі. Але ў любым жарце ёсць доля праўды. І з гэтым не паспрачаешся. Думаю, удзельнікі каманд гэта добра разумелі і вельмі стараліся ў выступленнях перадаць такія ноткі. А найбольш трапна ўдалося гэта зрабіць вучням Нарацкай сярэдняй школы №2. Бо менавіта гэтай камандзе члены журы паставілі найбольш балаў.

І вось конкурс закончыўся. Пакуль журы рыхтавалася, каб вынесці свой канчатковы вердыкт, увазе прысутных была прапанавана невялікая канцэртная праграма, якую падрыхтавалі вучні Занарацкай сярэдняй школы.

Наступае кульмінацыя. Журы агучвае вынікі. На чацвёртым месцы каманда «3D», на трэцім — «Нас не дагоняць!», на другім — «Паварот не туды». Усе гэтыя каманды адзначаны дыпломамі за актыўны ўдзел у раённым этапе ХІ абласных гульняў клуба вясёлых і знаходлівых Юных інспектараў дарожнага руху. А перамога дасталася камандзе «Купа tyt.by» (Нарацкая сярэдняя школа №2), якая таксама адзначана дыпломам. Акрамя гэтага, каманды атрымалі салодкія пачастункі.

Разделы сайта